Неделя Развития Творческой Силы

Меню сайта
Категории каталога
Образцовая Школа поэзии «Лотос» ГУДО ОРЦТДиМ, г. Орша [23]
Галина Владимировна Иванова, г.Могилев [1]
Садовская Маргарита, г. Могилев. [1]
Афаневич Татьяна Вячеславовна, г. Могилев [2]
Татьяна Мурнина, г. Клайпеда [1]
Людмила Теплякова, г. Калуга [1]
Рябова Лариса Алексеевна, г. Могилев [3]
Ласточкина Светлана Ильинична, г. Горки [1]
Лисицын Никита, 12 лет, «Средняя школа №33 г. Могилева». [1]
Ширко Галина Леонидовна, Республика Хакасия, г. Абакан [1]
Лукьянова Светлана Витальевна, г. Светогорск [1]
Малышева Ольга Дмитриевна, г. Могилев [1]
Бондарев Александр Николаевич, г. Могилев. [1]
Бондарева Ирина Васильевна, г. Могилев [1]
Заремская Людмила Ивановна, г. Могилев [1]
Васильченко Наталья Рудольфовна, Республика Хакасия, город Абакан [1]
Галина Паршикова, г. Москва. [1]
Габрусева Валентина Федоровна, г. Могилев [1]
Коновалова Светлана Николаевна, г. Минск [1]
Доронькина Светлана Петровна, г. Могилев [1]
Шалабодов Эдуард Владимирович, г. Могилев [0]
Главная » Статьи » ЛИТЕРАТУРНЫЙ КОНКУРС ФЕСТИВАЛЯ "ЖАР-ЦВЕТ" - 2022 » Бондарев Александр Николаевич, г. Могилев.

Рассказ «Дзядзька Яша, я i Бах».

Дзядзька Яша, я і Бах
Апавяданне

 

1
        Дзядзька Яша – другі муж цёткі Веры, мамінай старэйшай сястры. Наогул, у дзядулі з бабуляй, матчыных бацькоў, было чацвёра дзяцей – тры дачкі і сын. Калі дзеці выраслі, раз'ехаліся, старэйшая дачка засталася з бацькамі ў роднай вёсцы. Мікалай, першы муж цёткі Веры, пасля вайны быў высланы ў Казахстан. Тады некаторых мужыкоў, што былі на акупаванай тэрыторыі, высылалі ў Казахстан або яшчэ далей. Не вельмі разбіраліся, хто каму дапамагаў – партызанам або немцам. Пасля рэабілітацыі Мікалай застаўся там, сышоўся з жанчынай, а Веры ў лісце адпісаў: «Там, дзе неба і зямля, там і радзіма мая». Сын Шура, скончыўшы дзевяць класаў у вясковай школе, з'ехаў потым да бацькі і паступіў у Карагандзінскі політэхнічны інстытут. Цётка Вера, страціўшы надзею на вяртанне мужа, пазнаёмілася з дзядзькам Яшам. Так у мяне з'явіліся яшчэ дзве стрыечныя сястры – Валя і Таня.
На старых фотаздымках дзядзька Яша яшчэ ў гімнасцёрцы з медалём. Твар круглы, просты, адкрыты, усмешлівы погляд, кучаравы чуб. Калі б спыталі каго, як завуць гэтага чалавека, напэўна б, назвалі Ванем, Васем, а можа быць і Яшам, хоць імя даволі рэдкае. Дом дзядулі і бабулі стаяў на самым бачным месцы. Вёска была разрэзана на дзве часткі невялікай рачулкай Пачаліцай. Па адзін бок поймавай нізіны на ўзгорку знаходзіўся сельсавет і клуб, па другі – на ўзвышшы размяшчаліся дамы вяскоўцаў у адну доўгую вуліцу, за ёй, у другім напрамку, – стайня, пільня, а крыху далей кароўнік і свінарнік. Адтуль пыльная дарога перасякала вясковую вуліцу, пасля ішла ў нізіну і праз масток далей зноў паднімалася ў гару. Вось каля скрыжавання на высокім белым падмурку і стаяў чырвоны дом з белымі ліштвамі на вокнах.
        Праз дарогу, насупраць дома, расла старая высокая ліпа, на якой вісеў цяжкі чыгуначны буфер, каб у выпадку пажару можна было падаць трывожны сігнал усім жыхарам вёскі. Гук распаўсюджваўся і ўздоўж вуліцы, і ўніз па яры, дасягаючы праз пойму процілеглага боку вёскі. Часта, седзячы на лаўцы каля брамы, я слухаў шум старой ліпы. Ён даносіўся зверху, але з гэтага шуму нельга было вылучыць гук асобнага лісточка. І які б гэта быў гук? Але разам гэта быў шум, гукавая пена, бо, калі глядзець на пену, таксама немагчыма адрозніць асобныя бурбалкі. Часам стваралася ўражанне, што гэта не вонкавы гук, а шум у вушах. І тады ты падыходзіў да цяжкага металічнага буфера і біў каменьчыкам. Чуўся глухі металічны гуд, і табе рабілася лягчэй ад таго, што ты зноў чуеш. З гэтым гукам адначасова вярталася пачуццё часу. І ты зноў у рэальнасці: вось сядзіш на лаўцы далёка ад свайго дома і чакаеш, калі за табой прыедзе маці, ведаючы, што яна прыедзе толькі ў выходны. А ліпа шуміць сваім лісцем і ёй усё хоць бы што, толькі вецер мяняе танальнасць тужлівай песні.
        Калі ў добрае надвор'е глядзець уздоўж вуліцы, то можна ўбачыць высачэзны будынак гарадскога элеватара. Праўда, каб дабрацца ў горад, усе карысталіся іншай дарогай, якая вяла да чыгуначнага вакзала. Пяць кіламетраў пераадольвалі хто пешшу, хто на падводзе ці на веласіпедзе, а хто і на асабістым аўтатранспарце. Аўтобуса тады на гэтым маршруце не было.
Дзядзька Яша працаваў у горадзе на вялікім заводзе, куды ездзіў на веласіпедзе, таму ў адной з гаспадарчых пабудоў, якія шчыльна атачалі прасторны двор, пастаянна стаяў пах гумы і салідолу. Другі, запасны веласіпед, стаяў тут жа, ён павінен быў быць заўсёды напагатове. На сценах віселі старыя пакрышкі, колы, іншыя веласіпедныя дэталі. На веласіпедзе дзядзька Яша ездзіў не толькі з-за таго, што так хутчэй, але і таму, што пешшу прайсці такую адлегласць яму было цяжка. Казалі, што ў яго сухоты косці, ён нават ляжаў у бальніцы. Але хвароба прагрэсіравала, і мы, дзеці, часта смяяліся з дзядзькі Яшы, калі той перасоўваўся па двары, трымаючыся за сцены. Але ён не крыўдзіўся на нас, наадварот, усміхаўся, як бы просячы прабачэння за сваё бяссілле.
        Дома дзядзька Яша заўсёды сачыў за чысцінёй прасторнага двара. Падмесці двор, расставіць усё па месцах, прыбраць курыны памёт – занятак, выконваць які далучаліся і мы. Дзядзька Яша хадзіў як на хадулях, а ў нас атрымлівалася ўсё хутчэй. Часам ўборка прымала генеральны характар, і тады магло быць арганізавана нешта больш сур'ёзнае, напрыклад, парэзаць старыя дошкі на дровы.
Аднойчы дзятва пайшла ў грыбы. Ужо за вёскай нас дагнаў на веласіпедзе дзядзька Яша. Можа, яго бабуля адправіла наглядаць за намі, а можа, ён сам – невядома. Паблукаўшы па лесе, мы прыселі адпачыць пад бярозкай ля дзядзькі Яшы і яго веласіпеда.
Быў цёплы сонечны дзень. Дзядзька Яша лёг на траву, раскінуўшы рукі.
        – Як хораша! Вось, глядзіце, неба. Мы не заўсёды глядзім на яго, на наша блакітнае неба. Плывуць аблокі. Куды плывуць? Не важна. Важна тое, што мы тут. Мы разам з бярозкай і небам рухаемся ў прасторы. І прастора рухаецца вакол нас. Гэта жыццё! Дзякуй табе, неба!
        Мы глядзелі на неба, не зусім разумеючы дзядзьку Яшу, але і не спрабуючы яго аспрэчыць. Усім было, сапраўды, добра.
Цётку Веру дзядзька Яша любіў, шкадаваў. Яна працавала даяркай на ферме, праца была цяжкая. Устаць трэба было ў чатыры гадзіны на ранішнюю дойку, потым падаіць у абед, апасля ўвечары. Дадому прыходзіла цётка Вера каля адзінаццаці. Дзядзька Яша заўсёды чакаў яе, перажываючы, што не можа дапамагчы ёй. Яны ніколі не сварыліся, не спрачаліся, ён беспярэчна слухаўся яе. А вось з бабуляй і дзядулем у дзядзькі Яшы былі нацягнутыя адносіны. Яны амаль ніколі не размаўлялі. Прычына для мяне была незразумелай. Зяць не курыў, не піў, жонку моцна любіў і паважаў. Але непрыязныя адносіны часам перарываліся сваркай, у якой галоўную скрыпку іграла бабуля.
        Аб адной з прычын такіх адносін бабулі да дзядзькі Яшы я здагадваўся. Бабуля і дзядуля былі праваслаўнымі вернікамі, і як належыць, у іх пакоі на покуце вісеў абраз. Праз дзверы, у суседнім пакоі, самым вялікім пакоі ў хаце, стаялі канапа, шафа з люстэркам, вялікі круглы стол, за якім раскідала сваё здаравеннае лісце монстера, а таксама столік з вялікай радыёлай. У бабулі ў пакоі таксама быў прыёмнік, але правадны, на тры праграмы. Яна вельмі любіла народныя песні, і, калі перадавалі выступленні народных хораў або калектываў, якія выконвалі старадаўнія народныя песні, бабуля клалася на ложак каля прыёмніка і ўслухоўвалася ў знаёмыя матывы, часам ціхенька падпяваючы. Цікаў гадзіннік. На покуце маўчала і атрымлівала асалоду супакоем ікона з выявай Багародзіцы ў прыгожым абрамленні кветак з жоўтага тонкага металу. Пазней я зразумеў, чаму ў зале іконы не было.
Дзядзька Яша любіў паслухаць радыё. Звычайна ён вечарам уключаў яго, лавіў радыёстанцыю Ватыкана і слухаў пропаведзі на незнаёмай мове. Паміж пропаведзямі выконвалася арганная музыка. Тады дзядзька Яша рабіў гук мацней. На просьбу бабулі зрабіць гук цішэй або пераключыць на што-небудзь іншае дзядзька моўчкі закрываў шчыльна дзверы, сядаў зноў каля прыёмніка і атрымліваў асалоду ад гукаў аргана. Дзядзька Яша не быў каталіком, ён быў праваслаўным, але любоў да арганнай музыкі была вышэй за якія-небудзь умоўнасці. Ён не аднойчы запрашаў мяне далучыцца і гаварыў гучней, каб было чуваць:
 – Боская музыка. Гэта сам бог!
        Ужо будучы студэнтам, я прыехаў у госці да сваякоў у вёску. Вечарам на лаўцы каля хаты па транзістары слухаў рэпартаж пра паядынак паміж Карпавым і Каспаравым на міжнародным шахматным турніры. Трымаючыся за сцяну, падышоў дзядзька Яша, сеў побач. Трохі пагаварылі аб ходзе турніру. Вечар быў цёплы. Сцямнела так, што былі бачны зоркі (у вёсцы неба раней становіцца празрыстым). Старая ліпа маўчала, быў поўны штыль. Здагадаўшыся, што дзядзька Яша хоча нешта сказаць, я выключыў радыё.
        – Бачыш, Саша, якая прыгажосць! Колькі зорак! Няўжо хтосьці зараз бачыць нас з табой, як мы сядзім тут, на лаўцы? Чаму ён не дае нам зразумець, што бачыць нас. Ці гэта прыгажосць і ёсць знак звыш? А ці чуў ты пра іншапланецян? Дзе яны бегаюць?
        – Чуў, дзядзька Яша. Цяпер ёсць шмат інфармацыі на гэты конт, але прамых доказаў няма.
        – Вось і правільна! Не ўсё так проста. Было б, вядома, цікава паглядзець, якія яны. А вось дзіўна, як усё ўладкавана, як усё існуе... Як гэта ўсё паўстала? Галоўнае, што цікава… Увесь наш велічэзны свет – гэта загадка, вялікая загадка… А мы ў гэтым свеце жывём.
        Далёка-далёка, за пяць кіламетраў, былі бачныя агеньчыкі элеватара, у вясковых хатах яшчэ гарэла святло, дзе-нідзе вокны зіхацелі блакітным святлом тэлевізараў. І зусім побач над намі амаль паралельна вясковай вуліцы вісеў Млечны Шлях. Бязгучна па небе ссоўваўся нябачны самалёт, міргаючы сігнальнымі агнямі. І мы з дзядзькам Яшам на лаўцы плылі паміж гэтых зорак, сігналаў і агнёў пад шум глушылак, якія робяць бескарыснымі мае спробы знайсці па транзістары арганную музыку для дзядзькі Яшы.


2
        Чамусьці некаторыя падзеі жыцця захоўваюцца ў памяці надоўга, практычна назаўсёды. Я добра памятаю, як прыехаў падчас зімовай сесіі на чацвёртым курсе дамоў да бацькоў. У інтэрнаце было халодна, снежань нечакана наляцеў суровымі маразамі і многія студэнты рванулі рыхтавацца дадому. Я ішоў з вакзала, пад нагамі рыпеў снег, быў добры настрой. У прывакзальным кіёску купіў пласцінку, дакладней альбом з двух пласцінак у карычневай скрынцы «Арганная імша» Баха. Чамусьці вельмі захацелася яе купіць, прыйшлося выграбсці ўсю дробязь, але грошай хапіла, і я быў рады.
Каб ніхто не замінаў рыхтавацца да экзамену, мне дазволілі займацца ў невялікай прыбудове да дома, дзе часова размясціліся сястра з мужам. Праўда, яны працаўладкаваліся ў іншым горадзе дзеля хуткага набыцця кватэры і чопка пуставала (так называлі прыбудову з нізенькай столлю, невялічкай печкай і маленькім акном на двор). Сястра з мужам абставілі гэты пакойчык простай мэбляй: шафай, ложкам, невялікім сталом, але самае галоўнае – там была радыёла. Як толькі шчыльныя гукі аргана напоўнілі невялікі пакойчык, я зразумеў, што нездарма набыў гэтую “імшу”. Праслухаў увесь альбом, лежачы пластом на ложку, гледзячы ў нізкую столь, пакуль не стаў замярзаць. Прыйшлося затапіць печку. Боскія гукі праслуханай музыкі не адпускалі, а працягвалі гучаць ува мне, як быццам гэтая музыка жыла ўнутры і раней, і вось яе завялі, і яна прачнулася і разбудзіла мяне.
        Раней даводзілася слухаць арганную музыку, але між іншым, з нагоды: яна гучала ў кінастужках, па радыё або тэлевізары, але я ніколі не слухаў яе спецыяльна. Калі дзядзька Яша ўсаджваў мяне побач са старой радыёлай паслухаць арганную музыку, я больш прыслухоўваўся да галашэння бабулі за прычыненымі дзвярыма, і, вядома, успрымаў усё гэта, як замах на мірнае сямейнае жыццё. А вось цяпер, калі я сам набыў гэты альбом і магу слухаць яго, калі хачу і колькі хачу, зразумеў, што гэта выдатная музыка, якая абуджае масу пачуццяў, уводзіць цябе ў іншы, узвышаны стан.
        Я зноў паставіў пласцінку. У пакоі было ўжо цёмна, толькі светлавыя пошугі ад печы гулялі на сценах і столі. Я адкрыў дзверцы печкі падкінуць дроў, адчуўшы адразу на твары цяпло з распаленай топкі. Языкі полымя павольна паглыналі новую порцыю дроў, гуляючы, выгінаючыся, змяняючыся ў памерах, то знікаючы, то зноў з'яўляючыся. Гэтая гульня зачароўвала. Я назіраў за танцам агню пад акампанемент арганнай музыкі. Агонь, як магніт, прыцягваў мой погляд; быццам зачараваны, я глядзеў на гэты цуд яднання агню і музыкі. Чамусьці ўзгадалася кінастужка "Салярыс". Мы з сябрам Стасікам тады спецыяльна паехалі ў далёкі кінатэатр, каб паглядзець фільм Таркоўскага, пра які шмат чулі. Там таксама гучала арганная музыка Баха. На фоне гэтай музыкі, як цяпер языкі полымя, выгіналася багавінне ў бягучай вадзе. Але яна гучала там не аднойчы і стварала ў фільме адмысловы настрой. Фільм усхваляваў нас, мы былі ўзрушаны ім. У інтэрнат ехалі моўчкі, але кожны адчуваў, што хочацца гаварыць і гаварыць, толькі вось пра што? Настолькі ўсё было велічна і няпэўна, што ахапіць гэта некалькімі фразамі здавалася нерэальным, а адкусваць па кавалачках, вырываючы з агульнага кантэксту, смешна і несур'ёзна.
        Добра ўжо было тое, што мы паглядзелі гэты фільм, дакрануліся да тварэння мастака, да чагосьці новага. Хай сабе не зусім усё зразумелі, але нешта адбілася ў нашай свядомасці, засталося з намі. Мы сталі ўжо іншымі, нешта змянілася ўнутры, але мы не ведалі што. Увечары сутыкнуліся ў інтэрнацкім калідоры, прыселі ў зацішным цёмным кутку, закурылі.
        – Шура, што гэта было, скажы ты мне? – выпусціўшы дым пасля першай зацяжкі, не стаў цягнуць гуму Стасік.
        – Ты пра фільм? – вырашыў прыкінуцца я. Стась вылупіў на мяне вочы.
        – Што, што робіць з чалавекам твор мастацтва? – спытаў ён, сціснуўшы перад сабой далоні з цыгарэтай паміж пальцамі. – Ці я не маю рацыю, ставячы так пытанне? – Гэта сапраўдны твор сучаснага мастацтва, адзін з лепшых фільмаў стагоддзя!
        – Так, ты маеш рацыю. Такое ўражанне, як быццам цябе надзьмулі, як шарык, цябе стала зашмат, а далей ты не ведаеш, як жыць? – Працягваць так ці спусціцца?
        – Ты, Шура, не іранізуй. Глядзі, як усё арганічна падабрана. Ну, па-першае, сюжэт фантастычны, містычны, як яму жонка з'яўляецца, там, не на Зямлі. Па-другое, майстэрства акцёраў. Ну, нават не столькі, акцёры ствараюць вось гэтую аўру фільма, колькі праца мастака. А музыка?
        – Так, Стась. Я атрымаў велізарную асалоду ад фільма. Такія фільмы цяжка вычарпаць, зразумець задумку мастака. Ты ж ведаеш, прэпараваць твор мастацтва немагчыма. Гэта не фізічная задача. Хоць і пры вырашэнні фізічнай задачы мы абмяжоўваем сябе сцяжкамі, за якія нельга заступаць. Інакш рашэнне найпростай фізічнай задачы ператварылася б у напісанне дысертацыі.
        – Добрую, Шура, аналогію ты прывёў. Так мы, вырашаючы задачу і падманваючы сябе, даём кароткі і нібыта дакладны адказ. А вось з творам мастацтва як? Ці можа быць тут такая дакладнасць? Ці захочам мы сябе тут падмануць? А інакш, ці зможам разам зразумець, усвядоміць усю ідэю аўтара з глыбінямі, адгалінаваннямі? Ці як?
        Стась, як заўсёды, быў эмацыйны. За акулярамі, на шкле якіх адбіваўся доўгі светлы калідор інтэрната, не было відаць вачэй, але я ведаў, што погляд у яго цяпер, як у шахматыста, які зрабіў удалы ход і цяпер чакае адказу суперніка.
        – А як ты лічыш? Ну, вось мы з табой сёння 25 сакавіка 1978 года паглядзелі гэты фільм. Вось мы сядзім цяпер у гэтым кутку, размаўляем, вакол нас ходзяць іншыя, за акном шуміць горад і круціцца наша планета. Давай уявім сабе, што мы праз год ці два, ці яшчэ праз нейкі час апынемся ў гэтым кутку і будзем успамінаць гэты фільм ці сябе, нас з табой, якія спрабуюць утаймаваць задуму мастака. Напэўна, каштоўнасць твора ў тым і заключаецца, што да яго не губляецца цікавасць і мы будзем пастаянна знаходзіць новы сэнс у нашым стаўленні да яго.
        Пазіраючы на агонь і слухаючы музыку “арганнай імшы”, якая навеяла ўспаміны пра выдатны фільм, захацелася зноў яго перагледзець. Нават проста дзеля музыкі. Тое, што там гучыць музыка Баха, я ведаў, але якая. Праслухаўшы двойчы «імшу», я не мог сказаць, ці выкарыстоўвалася якая яе частка ў фільме. І пачаўшы параўноўваць іх паміж сабой, заўважыў праз пару дзён, што слухаю часцей за ўсё прэлюдыю з гэтай «імшы». Яна ўражвала сваёй меладычнасцю і дыяпазонам. Тут былі і магутныя гармонікі басовых рэгістраў, і найтонкія гукі ледзь улоўных званочкаў. Часам здавалася нават, што гэта наша, сучасная музыка.
        Разважаючы тады са Стасікам аб фільме, мы ўсё ж паспрабавалі сфармуляваць настрой, навеяны не столькі асноўным сюжэтам фільма, колькі дэталямі, выкарыстанымі рэжысёрам. І ў тым ліку, вядома, музыкай. Мы не заўсёды ўсведамляем, наколькі мы самотныя і нямоглыя перад бязмежнай прасторай, у якой знаходзімся. Наша Зямля настолькі далікатная і пяшчотная, што яе, як нешта жывое, становіцца шкада да слёз, шкада ўсіх нас на гэтай планеце, якія часта не ўсведамляюць свайго шчасця быць тут, атрымліваць асалоду ад прыгажосці жыцця, памнажаць прыгажосць і дабрыню любоўю адзін да аднаго і да нашай планеты. Як казаў дзядзька Яша: «А мы ў гэтым свеце жывём!»

 

3
        Рыжая шэльма Джэсі з'явілася ў нашай сям'і нечакана. Калега жонкі прапанавала ўзяць шчанюка. Доўга ўгаворваць жонку не прыйшлося, мілка-шчанюк разжаліць любое жаночае сэрца. Дома аказалася, што шчанюк – сучачка. А з часам мы зразумелі, што яна яшчэ і паследыш – колькі прыйшлося павазіцца з яе хваробамі. Парода – мешанка коллі і дварнягі. Джэсі была добрай і гуллівай. Калі яна пераскоквала нешта, то рабіла гэта так грацыёзна і артыстычна, як быццам выконвае трукі ў цырку па камандзе дрэсіроўшчыка. У хаце мы пратрымалі яе месяцаў восем, а потым прыйшлося змайстраваць ёй утульную будку і пасадзіць на ланцуг. Падстаў для гэтага было дастаткова, але ні сапсаваная мэбля, ні пах сабачыны, які станавіўся ўсё мацней і мацней, не змаглі параўнацца з той шкодай, якую панесла сям'я.
        Неяк, вярнуўшыся з жонкай з працы, мы знайшлі на падлозе ля печы тоўсты фізічны даведнік, з пагрызенымі вугламі і адарваным карэньчыкам. Я заўсёды ганарыўся гэтым набыццём падчас кніжнага дэфіцыту і часта выкарыстоўваў яго пры падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд па фізіцы і астраноміі. А вось далей, за печкай, ляжаў на падлозе разадраны канверт ад дыскаў «Арганнай імшы». Побач ляжалі пласцінкі – адна яшчэ ў канверце, другая без канверта, але з выразнымі слядамі сабачых кіпцюроў. Менавіта на знявечаным баку была мая любімая прэлюдыя. Калі даведнікам яшчэ можна было карыстацца, то аб далейшым выкарыстанні пласцінкі не магло быць і гаворкі.
        «Арганная імша» ўжо настолькі ўвайшла ў наша жыццё, колькі разоў яна гучала ў нашым доме. Гэтая музыка суправаджала нас, калі мы з жонкай пасля інстытута адпрацоўвалі тры гады ў далёкай сельскай школе. Калі я слухаў прэлюдыю, мне здавалася, што я ў маленькай чопцы сяджу ля пячуркі і гляджу на языкі полымя, наколькі першае праслухоўванне гэтай музыкі звязала мяне з асацыяцыямі агню, цяпла, дома, неабсяжнай касмічнай прасторы, у якой круціцца наша маленькая планета. Я вельмі перажываў страту гэтага адчування. Пошукі новай пласцінкі з прэлюдыяй поспехам не ўвянчаліся.
Праз некаторы час мне падарылі магнітафонную касету з прэлюдыяй з “арганнай імшы” Баха. Падарыў амерыканец Джозэф. Ён тады працаваў у нас у ліцэі па міжнароднай праграме абмену выкладчыкамі: вывучаў вопыт арганізацыі ліцэйскай адукацыі і вёў спецкурс па англійскай мове. Сядзелі мы з ім у адным кабінеце і даволі хутка пасябравалі. Джозэфу было пяцьдзесят гадоў. Ен жыў на здымнай кватэры ў цэнтры горада. Часам прыносіў на працу свае кулінарныя вырабы, а на юбілей спёк найсмачнейшы цытрусавы пірог. У нашым кабінеце на часопісным століку насупраць свайго стала Джозэф паставіў два каляровыя фотаздымкі ў рамачках (на адным – яго дом у Каліфорніі недалёка ад акіяна, на другім – сям'я, ён з жонкай і двое дзяцей). Мы шмат размаўлялі: ён распавядаў пра сваю сям'ю, па якой сумаваў, я, у сваю чаргу, расказваў пра сябе, запрасіў яго ў госці, дзе мы з жонкай і распавялі яму гісторыю пра Джэсі і яе свавольства. А хутка Джозэф прывёз з адпачынку і падарыў мне магнітафонную касету з прэлюдыяй Баха. Я тут жа праверыў, пераканаўся, што гэта менавіта тая прэлюдыя.
        Дачакаўшыся выхаднога, я ўключыў касету і прылёг на канапу, падрыхтаваўся атрымаць асалоду ад любімай мелодыі. І вось пасля такаты пайшла прэлюдыя з “імшы”. На вялікі жаль, гэта была не тая музыка. Не, прэлюдыя і мелодыя былі тыя, арганнае выкананне, але нешта было не так. Я не знаходзіў той глыбіні, таго дыяпазону, да якога прывык у гэтай мелодыі, як быццам бы я глядзеў на полымя агню праз шчылінку, а не праз цалкам адкрытую дзверцу. Разгледзеўшы касету, я ўбачыў прозвішча зусім іншага выканаўцы – нямецкага дырыжора і арганіста Карла Рыхтара, аднак я прывык да выканання гэтай мелодыі Амадэусам Веберзінке, таксама нямецкім піяністам і арганістам. Вось аказваецца, як успрыманне твора вялікага кампазітара залежыць ад выканаўцы. Як важна, што выканаўца бачыць у гэтым творы, як ён чытаецца ім і як ён хоча, каб твор пачулі іншыя. Напэўна, на выкананне і ўспрыманне твора ўплавае і сам інструмент. Што датычыцца майстэрства, то абодва музыканты былі высокімі майстрамі-арганістамі. І калі б я ўпершыню пачуў прэлюдыю ў выкананні Рыхтара, магчыма, яна мне спадабалася б больш, а можа, і не. Праверыць зараз немагчыма.
        Выдатна, што я паспеў даць праслухаць прэлюдыю яшчэ з пласцінкі сваім вучням. Захацелася паглядзець, як выпускнікі, сямнаццацігадовыя хлопцы, успрымуць гэтую старадаўнюю музыку, бо яны яе не слухаюць, аддаючы перавагу сучасным рытмам. А яна ж чароўная! Нагода знайшлася, калі зайшла размова аб прасторы і часе пры вывучэнні тэорыі адноснасці Эйнштэйна. Спроба разгледзець памежныя ўмовы існавання прасторы і часу (калі той ці іншы кампанент змяняецца, якая дынаміка іншага) прывяла да задачы мадэлявання, няхай нават пакаёвай мадэлі. У выніку бурнага абмеркавання прыйшлі да высновы, што ў якасці мадэлі трэба скарыстаць цемру (цемрай мы як бы прыбіраем прастору, сціскаем яе). Першая задача вызначана – максімальна пагрузіць кабінет у стан цемры, вопыт праводзіць бліжэй да вечара. Але тады, што будзе з’яўляцца крытэрыем вымярэння часу? Чалавеку патрэбен вектар, накірунак у прасторы, без гэтага прастора нам і не патрэбна. Прапанавалі маленькую крыніцу святла, тыпу несгасальнай іскры, але іскра статычная. Хтосьці з дзяўчат прапанаваў маленькую свечку, яна такую бачыла ў царкве. На гэтым і спыніліся. Праўда, са свечкай прыйшлося доўга павазіцца. Каб максімальна паменшыць полымя, вырашылі зрабіць сваю свечку. А там і пайшло – то хутка згарае, то згасае. Нарэшце, свечка была гатова. А я ціхенька сюрпрыз падрыхтаваў: трымаю напагатове прайгравальнік з прэлюдыяй Баха. У мяне ў кабінеце быў выдатны прайгравальнік з алмазнай іголкай ды ўзмацняльнік на дваццаць ват. Але гэта ж не танцы, загадзя трэба адрэгуляваць гучнасць, знайсці патрэбны ўзровень. І вось, увесь клас у зборы. Засеклі час па сваіх гадзінніках і пагасілі святло – эксперымент пачаўся. Потым праверым, каму, як падалося, колькі часу прайшло.
        Дакладна па цэнтры класа на доўгім дроце замацаваная наша самаробная свечка. Ледзь праглядаюцца сцены кабінета. Усе заціхлі. І тут я ўключыў прэлюдыю з “арганнай імшы”. Яна ціхенька запаўняе сабой усю прастору, спачатку пяшчотнымі гукамі, потым з нарастаючай гучнасцю захоплівае нізкія рэгістры. Мне здаецца, што трэба было на экран спраецыраваць зорнае неба, але ўжо позна. Не, не трэба, у нас адна зорка – гэта маленькі агеньчык свечкі пасярод класа. Ён ледзь мігціць, здаецца, дыхае разам з дзецьмі, якія сядзяць вакол і глядзяць у адну кропку – на агеньчык, як быццам падсілкоўваючы яго сваёй энергіяй погляду, ці, наадварот, атрымліваючы ад яго энергію на сваю будучыню, на шчасце, на сваю дабрыню і любоў.
Я таксама захапіўся, гледзячы на маленечкі язычок полымя. Гукі аргана то заціхалі да ледзь чутных званочкаў, то разгортваліся нізкімі частотамі, захопліваючы нас і ўвесь кабінет. Здавалася, што ціск гукавых хваляў зараз патушыць нашу свечку. Я ўспомніў дзядзьку Яшу, які пасля смерці цёткі Веры, памёр, не вытрымаўшы тугі. Можа быць, у яго затуманенай інсультам свядомасці гучаў яго любімы арган? Успомніў і нашыя студэнцкія размовы пра крохкасць жыцця, гармонію космасу і безабароннасць нашай планеты, пра сэнс твора майстра, мастака, жаданне знайсці адказ на ўсё, што бачыш і з чым знаёмішся ў гэтым свеце ...«А мы ў гэтым свеце жывем».
        Я глядзеў на сваіх вучняў, якія слухаюць маю прэлюдыю майго Баха, і мне рабілася лягчэй і лягчэй. У іх вачах адбіваўся адзін агеньчык, і твары іхнія, ледзь бачныя ў цьмяным мігценні свечкі, свяціліся надзеяй. Як быццам, хутка павинен быў здарыцца нейкі цуд, але цуд адбываўся ўжо зараз

 

 

Категория: Бондарев Александр Николаевич, г. Могилев. | Добавил: nleonardo (11.04.2022)
Просмотров: 84 | Рейтинг: 5.0/1 |
Приветствую Вас Гость

Поиск
Друзья сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Copyright MyCorp © 2024
Создать бесплатный сайт с uCoz